Міжнародны дзень роднай мовы адзначаўся 21 лютага. Першапачаткова з такой ініцыятывай выступіў Бангладэш. Менавіта ў гэтай краіне 21 лютага 1957 года загінулі студэнты, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове.
Зараз у нашым рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання моў міжнародны фонд UNESCO абвясціў Дзень роднай мовы.
«Белшынаўская» «пярвічка» ГА «БРСМ» вырашыла таксама далучыцца да гэтага цудоўнага свята і праверыць, ці добра моладзь нашага адкрытага акцыянернага таварыства ведае беларускую мову. Сакратар ПА/РК ГА «БРСМ» ААТ «Белшына» Таццяна Найдун падрыхтавала онлайн-квіз «ВедайМову». Кожны шыннік мог паспрабаваць адказаць на 25 пытанняў крыху больш чым за 8 хвілін. У выніку інтэлектуальнай барацьбы перамогу святкавалі прадстаўнікі цэнтралізаваных падраздзяленняў таварыства – Аляксандр Трызна і Ганна Мартыновіч, завода буйнагабарытных шын – Кірыл Валькевіч. Дыпломы і сувеніры пераможцы атрымаюць у хуткім часе.
Праверце і вы сябе, паважаныя чытачы, адкажыце на некаторыя конкурсныя пытанні: у якім горадзе нашай краіны знаходзіцца помнік літары «ў»; колькі літар у беларускім алфавіце; як перакладаюцца на рускую мову словы «імбрык», «жах», «хмарачос», «бавоўна»; як называецца самы першы летні месяц...
Маргарыта ГАЦКО (office@shinnik.by)