Шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце і ўсе людзі добрай волі! Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!
Гэта час, калі мы зноў вітаем сябе ўзаемна гэтымі словамі, поўнымі радасці і надзеі. Мы не толькі ўзгадваем вялікую і выключную падзею ў гісторыі чалавецтва, але і вызнаём прысутнасць Божага Сына сярод нас. Езус, аплаканы намі ў Вялікім Посце, ажыў і жадае быць нашым Настаўнікам, хоча ўвайсці ў нашае жыццё, прабачыць нам грахі і даць сілу да новага чыстага і шчырага жыцця: «Вось Я з вамі ва ўсе дні аж да канца свету» (Мц. 28, 20).
Калі Бог пажадаў застацца з намі, то Яго перамога над грахом і смерцю можа стацца і нашай перамогай – у тым выпадку, калі шчырым сэрцам паверым Ягонаму Слову. Не бойцеся верыць у Бога, не бойцеся прыйсці да Бога, поўнага міласэрнаці да нас. Заглядаючы разам з апосталам Янам у пустую грабніцу Хрыста, узбудзім у нашых сэрцах моцную веру.
Дарагія браты і сёстры! Напярэдаднi Светлай Хрыстовай Пасхі хачу пажадаць, каб кожны з вас змог перажыць сустрэчу з Уваскрослым Хрыстом не толькі за ўрачыстым сталом, але і ўзяўшы ўдзел у набажэнствах.
Прыміце пажаданні радасных святаў, напоўненых ззяннем Божай ласкі. Няхай Бог бласлаўляе ўсіх вас на добрыя і доўгія гады жыцця.
Ксёндз Андрэй ЯРКАВЕЦ,
пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця
Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску.
Расклад святочных набажэнстваў Трыдыума Пасхальнага
29 сакавіка, Вялікі Чацвер:
19.00 – Імша Вячэры Пана.
30 сакавіка, Вялікая Пятніца:
18.00 – Крыжовы Шлях,
19.00 – Літургія Мукі Пана з Адарацыяй Крыжа.
31 сакавіка, Вялікая Субота:
8.00-11.00 – Магчымасць ціхай індывідуальнай Адарацыі,
21.00 – Літургія Вігіліі Пасхальнай.
1 красавіка, Вялікодная Нядзеля:
7.00 – Урачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана.