У мінулую нядзелю ў горадзе белых начэй – Бялынічах урачыста прайшоў чарговы, ужо дваццаць сёмы па ліку агульнарэспубліканскі культурны фэст, прысвечаны Дню беларускага пісьменства.
І было на ім усё, як заўсёды: круглы стол і канферэнцыі беларускіх і замежных пісьменнікаў; фестываль кнігі і прэсы і выставы-продажы кніг, сувеніраў і вырабаў народных майстроў; літаратурна-тэатралізаваныя пастаноўкі і канцэртныя выступленні артыстаў з народу, зорак эстрады і заслужаных калектываў Беларусі; творчыя прэзентацыі культурных праектаў і літаратурныя чытанні; уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі і ўзнагароджанні пераможцаў творчых конкурсаў; адкрыццё знакавых для Бялынічаў культурных аб’ектаў і шмат іншага.
Таксама кожны раён Магілёўскай вобласці прадставіў сваю пляцоўку. А ўсе яны былі аб’яднаны адзінай тэматыкай – «Лёс зямлі маёй праз слова». Восем тэматычных экспазіцый распавядалі пра развіццё Прыдняпроўскага краю з часоў Баркалабаўскага летапісуд а дня сённяшняга. Былі разгорнуты тэматычныя пляцоўкі і экспазіцыі, на якіх прадстаўлены Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года і «Апостал» Спірыдона Собаля, рэвалюцыйныя падзеі 1917 года і развіццё краю да 1941 года, перыяд Вялікай Айчыннай вайны праз партызанскі друк і працу ваенных карэспандэнтаў, пасляваеннае аднаўленне народнай гаспадаркі і развіццё прадпрыемстваў вобласці.
Усё як заўсёды на падобных святах, за адным выключэннем: сёлета ў фэсце, прысвечаным роднай мове і друкаванаму слову, са сваёй асобнай выставачнай экспазіцыяй прымала ўдзел наша адкрытае акцыянернае таварыства. І святочная пляцоўка «Белшыны» была прысвечана карпаратыўнай газете «Шыннік» – галоўнаму і адзінаму летапісцу гісторыі, развіцця і дасягненняў нашага прадпрыемства.
Да ўвагі ўдзельнікаў і гасцей свята, каб расказать ім аб гісторыі развіцця нашага акцыянернага таварыства праз газету прадпрыемства, мы прапанавалі падшыўкі «Шынніка» і асобныя, з ліку першых, нумары нашага выдання за розныя гады; гістарычныя і сучаныя фотаздымкі найбольш важкіх вытворчых падзей, што адбыліся на «Белшыне», ад выпуска першай беларускай пакрышкі да реалізацыі сённяшніх інвестыцыйных праектаў; значных падзей з грамадскага, культурнага і спартыўнага жыцця шматтысячнага калектыву шыннікаў; цікавілі наведвальнікаў і шматлікія ўзнагароды газеты за апошнія гады.
Але сапраўдны фурор выклікалі незвычайныя «белшынаўскія» экспанаты, з якімі імкнуліся сфатаграфавацца ледзь не ўсе ўдзельнікі свята. Гэта былі нашы, выраблены з шын макет «Harley-Davidson», і вялізны надзіманы макет шыны памеру 59/80R63. Не ўтрымаўся ад спакусы зрабіць каля іх фотаздымак на памяць нават і наш зямляк, спявак Руслан Алехно. А увогуле ў сямейных фотаархівах, напэўна, больш за две тысячы ўдзельнікаў святкавання Дня беларускага пісьменства ў Бялынічаў, будуць захоўвацца фотаздымкі з нашымі матацыклам з шын і макетам гіганцкай шыны.
На гэтыя экспанаты нашага прадпрыемства звярнулі нават сваю ўвагу і прымаўшыя ўдзел у свяце намеснік премьер міністра Беларусі Ігар Петрышэнка, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц і ягоныя намеснікі Валерый Малашка і Руслан Страхар, іншыя кіраўнікі і прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса ў час, калі знаёміліся з тематычнымі пляцоўкамі, што разгарнулі раёны і прамысловыя прадпрыемствы вобласці.
Валерый ЗІНОЎСКІ (zinovskiyvya@belshina.by)
Фота аўтара i Юрыя ГОМЕЛЯ.